«Па той бок кінахронікі»
21 чэрвеня 2024 года ў Музеі гісторыі беларускага кіно, філіале Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, пачынае працу часовая экспазіцыя «Па той бок кінахронікі», прысвечаная ваенным аператарам.
У гады Вялікай Айчыннай вайны беларускія кінадакументалісты ў ліку першых здымалі франтавыя рэпартажы, стваралі партызанскі кіналетапіс рэспублікі. Уключаныя ў кінагрупы розных франтоў, ваенныя кінааператары сталі аўтарамі многіх кінарэпартажаў з месцаў баявых дзеянняў. Іх галоўнай зброяй была кінакамера. У кінахранікёраў была асаблівая, вельмі важная задача – захаваць на плёнцы ўвесь боль, велізарныя намаганні і неверагодную мужнасць савецкага народа, тых, хто ад малога да вялікага сталі на барацьбу з нацысцкімі захопнікамі.
Мужнасцю, талентам і тытанічнай працай кінааператараў-дакументалістаў здабыты бясцэнныя кадры, якія сталі часткай нашай вечнай памяці аб Вялікай Айчыннай вайне. Створаны імі кіналетапіс паслужыў асновай для дакументальных кіначасопісаў тых гадоў. Не раз сюжэты выкарыстоўвалі для стварэння мастацкіх фільмаў. Дакументальныя кадры сталі бясспрэчнымі довадамі на судзе супраць нацысцкіх злачынцаў у Нюрнбергу.
І па сённяшні дзень кінахроніка мае вялікае значэнне ў захаванні і перадачы гістарычнай памяці аб Вялікай Айчыннай вайне, адлюстраванні подзвігу народа ў гады ваеннага ліхалецця, захавання непаўторнага вобраза Вялікай Перамогі.
Асаблівасцю часовай экспазіцыі з’яўляецца спалучэнне прадметнага шэрагу з інтэрактыўнымі элементамі. У аснове выставы – музейныя прадметы з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, рэдкія дакументы з Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва. Асаблівае месца на выставе займаюць фатаграфіі і дакументы, якія раскрываюць тэму дзейнасці франтавых аператараў падчас Вялікай Айчыннай вайны, прадастаўленыя партнёрам выставы Дзяржаўным цэнтральным музеем кіно (г. Масква).
У якасці візуальнага суправаджэння часовай экспазіцыі – фрагменты ваеннай кінахронікі, прадастаўленыя Беларускім дзяржаўным архівам кінафотафонадакументаў.
Выстава працуе да 31 снежня 2024 года.