Колер 50-х, першыя каляровыя фотаздымкі БДАКФФД

Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў захоўвае аўдыёвізуальныя дакументы на розных носьбітах. Самы шматлікі іх від – фотадакументы на плёначнай аснове. Мы вырашылі звярнуцца да найбольш ранніх каляровых дакументаў, створаных у 50-х гадах ХХ стагоддзя. Іх выкарыстанне ў свой час, як і многіх іншых архіўных дакументаў, было абмежавана. Ужо першая спроба іх «рэанімацыі» выклікала сенсацыю.

Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў захоўвае аўдыёвізуальныя дакументы на розных носьбітах. Самы шматлікі іх від – фотадакументы на плёначнай аснове. Мы вырашылі звярнуцца да найбольш ранніх каляровых дакументаў, створаных у 50-х гадах ХХ стагоддзя. Іх выкарыстанне ў свой час, як і многіх іншых архіўных дакументаў, было абмежавана. Ужо першая спроба іх «рэанімацыі» выклікала сенсацыю.

У 2007 годзе ў БДАКФФД падчас пераводу фотадакументаў у лічбавы фармат выявілася, што найбольш раннімі каляровымі дакументамі з’яўляюцца дакументы аб святочнай дэманстрацыі 1 мая 1952 года ў Мінску, здадзеныя на захоўванне Беларускім тэлеграфным агенцтвам (БелТА) у 1957 годзе. Акрамя агенцтва БелТА, дакументы таго перыяду былі перададзены на дзяржаўнае захоўванне рэдакцыямі газеты «Гродненская праўда», часопісаў «Сельская гаспадарка» (назва выдання прыведзена на аснове здатачнага вопісу) і «Маладосць», Тэлеграфным агенцтвам Савецкага Саюза (ТАСС), Беларускім таварыствам дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі і калекцыянерамі Я.Рапасавым, І.Салавейчыкам, І.Пікманам, А.Дзітлавым і іншымі. Як найчасцей сустракаемых аўтараў фотадакументаў трэба адзначыць фотакарэспандэнтаў А.Дзітлава, В.Лупейку, Г.Бягуна (агенцтва БелТА) і А.Карніцкага («Сельская гаспадарка»).

У 2010 годзе падчас першапачатковай навуковай апрацоўкі асабістай калекцыі А.Дзітлава былі выяўлены новыя каляровыя фотадакументы 1952-1959 гадоў. Гэта яшчэ раз падкрэсліла правільнасць высновы, што пра колер на Беларусі можна казаць толькі з пачатку 1950-х. Але гэта не аспрэчвае і магчымасці больш ранняга выкарыстання каляровых фотаматэрыялаў. Са з’яўленнем доступу да трафейных каляровых фотаматэрыялаў савецкія фатографы пачалі іх выкарыстоўваць ужо ў другой палове 1940-х гадоў. Аб гэтым сведчыць і прысутнасць у калекцыі А.Дзітлава дакументаў за дадзены перыяд. Зыходзячы з памет аўтара калекцыі, ёсць верагоднасць наяўнасці фотадакументаў і за 1946 год, але гэта, хутчэй за ўсё, будуць адзінкавыя кадры. Пра масавае выкарыстанне каляровых фотаматэрыялаў у СССР (у тым ліку і ў Беларусі) можна казаць только з пачатку 1950-х, калі была наладжана вытворчасць айчынных каляровых фотаматэрыялаў.

У 1950-я гады каляровыя фотаматэрыялы былі вялікім дэфіцытам, таму іх размяркоўвалі па арганізацыях у залежнасці ад іх статусу і дзяржаўнага заказу. Пад час адкрыцця выставы «Колер 50-х» у Цэнтральнай бібліятэцы імя Янкі Купалы у студзені 2008 года адным з выступаючых было адзначана, што прадстаўленыя дакументы з’яўляюцца «гламурам 50-х», глянцавым адбіткам тагачаснай рэальнасці. Але гэта ніякім чынам не адбіваецца на каштоўнасці дакументаў. Каляровае адлюстраванне дазваляе неардынарна паглядзець на адлюстроўваемую падзею і, відавочна, выйграе ў чорна-белага па ўспрыманні.